З клопатам пра малую радзіму

2018-ы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам малой радзімы. А гэта выдатная магчымасць для кожнага, незалежна ад месца пражывання, зрабіць штосьці карыснае для сваёй малой радзімы.

Вучні ДУА “Сярэдняя школа №8 г.Гродна” з радасцю далучаюцца да акцый і праектаў, накіраваных на захаванне прыгажосці навакольнага асяроддзя свайго горада. Так, у парку Жылібера з 2011 года вядзецца работа па адраджэнні батанічнага сада XVIII стагоддзя, якую распачала вядомы гісторык і краязнаўца Наталля Рыгораўна Канюк. Пасаджаныя расліны і дрэвы патрабуюць пастаяннага догляду. У свой час наша школа ўзяла шэфства над гэтай часткай парка Жылібера.

Сення, у цёплы летні дзень энтузіясты школы прынялі ўдзел у працоўнай акцыі, накіраванай на дапамогу дрэвам, кустам і раслінам батанічнага сада. Удзельнікі прышкольнага аздараўленчага лагера і лагера працы і адпачынку абкопвалі дрэўцы, прыводзілі ў парадак існуючыя кусты, прыбіралі смецце, галінкі, сухую траву, палівалі расліны. Вучням было цікава не толькі працаваць, але і пазнаёміцца з новымі відамі кустоў.

Працавалі арганізавана, дружна і добрасумленна, бо адчувалі, што батанічны сад – гэта маленькая жамчужына роднага горада. З добрым настроем і разуменнем таго, што стварылі прыгажосць вакол сябе, усе вярталіся ў школу, а дзякуючы зладжанай працы і адказнасці кожнага ўдзельніка акцыі батанічны сад стаў утульным і гасцінным.