Кафедра маладых мам

Прынцып пабудовы партнёрскіх узаемаадносін у сістэме “педагог — дзіця — бацькі” пакладзены ў аснову функцыянавання груп кароткачасовага знаходжання ў яслях-садзе № 6 Смаргоні.

У нашай установе рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, навуковым кансультантам якога з’яўляецца дацэнт кафедры педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Людміла Мікалаеўна Варанецкая.

Інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў груп кароткачасовага знаходжання, бо менавіта ў дашкольным узросце бацькі аказваюць самы вялікі ўплыў на асобаснае развіццё дзіцяці. Таму вельмі важна, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў адукацыйным працэсе, набывалі вопыт педагагічнага супрацоўніцтва са сваім малышом.

Работа з сям’ёй карпатлівая. З аднаго боку, педагогі захоўваюць усё лепшае і праверанае часам, а з другога — шукаюць і імкнуцца ўкараняць новыя, эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з бацькамі выхаванцаў, асноўная задача якіх — дасягненне рэальнай супрацы паміж дзіцячым садам і сям’ёй.

Педагогі выкарыстоўваюць разнастайныя формы ўзаемадзеяння з бацькамі: канферэнцыі, дні адкрытых дзвярэй у форме вялікай матываванай сустрэчы, майстар-класы, сходы-прэцэдэнты. У рамках бацькоўскага ўніверсітэта створаны “Кафедра маладых мам”, “Кафедра настаўнікаў”, “Кафедра сямейных традыцый”, функцыянуе бацькоўскі дэсант, створаны клуб “Добраахвотнік”, працуюць хобі-студыі. Узаемадзеянне з бацькамі ажыццяўляецца праз электронную пошту, ідуць актыўныя зносіны ў сацыяльных сетках — створаны групы ў “Аднакласніках”, “УКантакце”, Facebook.

Інавацыйны праект паказаў, што традыцыйныя формы метадычнай работы, у якіх галоўнае месца адводзілася дакладам, выступленням, страцілі сваё значэнне з-за сваёй нізкай эфектыўнасці і недастатковай зваротнай сувязі. Сёння выкарыстоўваюцца новыя, актыўныя формы работы, якія ўцягваюць педагогаў у дзейнасць і дыялог, што прадугледжвае свабодны абмен думкамі, прымяненне інтэрактыўных форм і метадаў.

Каштоўнасць такога падыходу ў тым, што ён забяспечвае зваротную сувязь, адкрыты абмен думкамі, фарміруе станоўчыя адносіны паміж супрацоўнікамі. У практыцы сталі шырока выкарыстоўваць метадычныя масты, творчыя дыялогі, метадычныя трэнінгі, рэфлексіўныя планёркі, кансультацыі-парадоксы або кансультацыі з запланаванымі памылкамі, экспрэс-апытанні, праводзяцца круглыя сталы ў тэхніцы акварыума і вострых вуглоў, імітацыйныя гульні, выкарыстоўваюцца разнастайныя гульнявыя прыёмы (знаўцы методыкі, дрэва мудрасці, скрупулёзны педагог) і многае іншае.

Галоўнымі формамі арганізацыі адукацыйнага працэсу з выхаванцамі груп кароткачасовага знаходжання з’яўляюцца гульня, заняткі, а таксама звязаныя з імі формы актыўнасці, прадметна-практычная дзейнасць. Для таго, каб скласці план занятку, педагогі ўстановы спачатку ствараюць дапаможнікі. Заняткі атрымліваюцца змястоўнымі і цікавымі, у іх прасочваецца інтэграцыя адукацыйных галін, такіх як “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” і “Мастацтва” (“Выяўленчая дзейнасць”), “Дзіця і прырода” і “Мастацтва” (“Музычная дзейнасць”), “Дзіця і грамадства” і “Фізічная культура”.

Улічваючы спецыфіку арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групах кароткачасовага знаходжання, педагогі імкнуцца да распрацоўкі інавацыйных мадэлей работы з дзецьмі: нетрадыцыйная форма правядзення заняткаў, выкарыстанне сучасных мультыплікацыйных персанажаў робяць адукацыйны працэс пазнавальным і адначасова займальным для выхаванцаў груп кароткачасовага знаходжання.

Настаўніцкая газета