Гуляюць па-даросламу

Гульня для любога дзіцяці — галоўная крыніца інфармацыі пра навакольны свет. З дапамогай гульні малыя рыхтуюцца да дарослага жыцця, адаптуюцца да новых умоў існавання, вывучаюць правілы паводзін. Для вырашэння гэтай задачы ў яслях-садзе № 13 Смаргоні з’явілася гульнявая пляцоўка “Сюжэтна-ролевая гульня “Дом. Сям’я”.


Дзякуючы абсталяванай пляцоўцы пад пакой у кватэры, дзеці могуць прымераць на сябе жыццё дарослых, куды яны так імкнуцца патрапіць.

Дзеці ў гульні актыўна ўзаемадзейнічаюць, аб’ядноўваюцца ў групы. Яны могуць гуляць гадзінамі, днямі, тыднямі ў гульні з адным і тым жа сюжэтам, прычым кожны раз спачатку.

Каштоўнае ў пляцоўцы тое, што тут можна стварыць складаныя сітуацыі і абудзіць жаданне дапамагаць адзін аднаму.

У працэсе гульні дзеці бяруць на сябе розныя ролі, як бы замяшчаючы людзей, якія знаходзяцца паміж сабой у пэўных сацыяльных узаемаадносінах. Малыя “жывуць” прынятай роллю прадаўца, пакупніка, мамы, таты, дачкі, сына, бабулі, дзядулі, выконваюць правілы, узаемадзейнічаюць адзін з адным.

У сваіх дзеяннях дзеці абсалютна самастойныя: могуць уяўным нажом адрэзаць хлеб, маленькай палачкай, уявіўшы яе ключом, адкрыць замок. Яны разыгрываюць розныя сітуацыі: прыём гасцей, сямейная вячэра, абед, прыбіранне ў кватэры, догляд за хворым членам сям’і, зборы ў тэатр, краму, мыццё бялізны, рамонт тэлевізара. Кожнае дзіця можа знайсці занятак у адпаведнасці са сваімі жаданнямі.

Настаўніцкая газета