Запрашаем на Свята беларускай культуры “Беларускі карагод” у Гродзенскі дзяржаўны прафесійянальны ліцэй будаўнікоў № 1

Калектыў навучэнцаў і супрацоўнікаў ліцэя  будаўнікоў № 1 здаўна адрознівае свядомае стаўленне да беларускай мовы і культуры. Традыцыйна тут праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя нацыянальным святам і падзеям, на беларускай мове афармляюцца інфармацыйныя стэнды ў ліцэі і інтэрнаце, сценгазета “Будаўнік”, вядзецца навучанне па прадметам гісторыі і беларускай мовы і літаратуры.

Новае паўгоддзе  мы  распачынаем шэрагам мерапрыемстваў беларускай тэматыкі, сярод якіх самае яркае і вобразнае Свята беларускай культуры “Беларускі карагод”. Удзельнікам свята будзе аддадзены 3-ці паверх ліцэя.

У кабінеце гісторыі наведвальнікаў сустрэнуць знакамітыя гістарычныя постаці Гродзенскай мінуўшчыны, сярод якіх  Давыд Гарадзенскі,  Эліза Ажэшка і іншыя вядомыя гарадзенцы. Самабытнасць і мелодыку роднай мовы адчуюць удзельнікі свята ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, дзе можна будзе пагуляць у беларускія народныя гульні, адгадаць загадкі, паслухаць прыказкі і прымаўкі. У кабінеце рускай мовы і літаратуры  можна будзе пакаштаваць беларускія нацыянальныя прысмакі і нават павучыцца іх гатаваць. У рэкрэацыі 3-га паверха мы запросім у беларускую хату ,дзе будуць працаваць беларускія народныя ўмельцы, праходзіць майстар –класы, дзе на выставе можна будзе ўбачыць прадметы побыту жыцця беларусаў і  розныя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабленыя нашымі навучэнцамі і супрацоўнікамі.

Бібліятэка ліцэя ў супрацоўніцтве з Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Карскага прадставіць факсімільныя кніжныя помнікі беларускай культуры “Напісанае застаецца”. Гістарычныя кніжныя помнікі дапоўніць выстаўка сучаснай літаратуры “Нам засталася спадчына”.

Прадоўжыцца “Беларускі карагод” святочным канцэртам з беларускімі песнямі, танцамі, сцэнкамі ў актавай зале ліцэя.

Завершыцца свята ў інтэрнаце а 18-й гадзіне літаратурным вечарам “Мой край, мой рай бульбяна-жытны…”, дзе будуць гучаць вершы пра беларускія нацыянальныя стравы і дзе іх можна будзе таксама пакаштаваць.

Свята адбудзецца 29 студзеня 2019 г. у Гродзенскім дзяржаўным прафесійянальным ліцеі  будаўнікоў № 1. Пачатак а 11-й гадзіне.

Запрашаем навучэнцаў, бацькоў і ўсіх жадаючых.

Кантакты: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М.В. Афоніна, тэл. 31 25 67; маб. – 37529 781 40 98. Наш адрас – г. Гродна, пр. Янкі Купалы, 18.

Прыблізная колькасць удзельнікаў – 73  чалавек.