Свята беларускай культуры “Зямля пад белымі крыламі”

26 кастрычніка ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №32 г.Гродна” адбылося свята беларускай культуры “Зямля пад белымі крыламі”. Правядзенне такога свята ўжо стала добрай традыцыяй для вучняў, настаўнікаў і бацькоў школы, у якой шмат год запар арганізавана навучанне дзяцей на беларускай мове.

Падчас мерапрыемства ў фае школы былі наладжаны розныя выставы.

“Скарбніца роднага слова” пазнаёміла вучняў з навінкамі беларускай дзіцячай літаратуры. А побач з творамі знакамітых пісьменнікаў знайшлі месца вучнёўскія сачыненні пра родную мову.

Аматары беларускага слова змаглі праверыць сябе ў веданні беларускіх прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, прачытаць радкі з вершаў любімых аўтараў.

Прыцягнула ўвагу гасцей свята выстава адзення “Беларускі стыль”, на якой вучні змаглі пазнаёміцца з гістрыяй стварэння беларускага касцюма.

Вялікай увагай карысталася “Беларуская хатка”, у якой былі прадстаўлены элементы побыту беларусаў.

Безумоўна, не маглі абысці ўвагай непаўторнасць і самабытнасць беларускіх страў. Вучні 5-х класаў і іх бацькі арганізавалі выставу беларускіх прысмакаў.

Усе выставы былі ўпрыгожаны беларускімі нацыянальнымі дыванамі і ручнікамі.

Незабыўнай урачыстасцю стала цырымонія пасвячэння вучняў 1-5  класаў з беларускай мовай навучання ў «беларускамоўную сям’ю». Перад вучнямі выступіла дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Хлусевіч Ірына Міхайлаўна, якая выказала словы ўдзячнасці маленькім беларусам за любоў да роднай мовы, і падаравала дзецям кнігі на беларускай мове.

Вучні класаў з беларускай мовай навучання з гонарам далі абяцанне захоўваць і шанаваць родную мову.

Падчас святочнага канцэрту “Мова родная – мова модная” ў зале гучалі беларускія вершы, песні, выконваліся народныя танцы.

Усе ўдзельнікі і госці свята атрымалі асалоду ад магчымасці далучыцца да вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і мовы.