Рэспубліканскі семінар-практыкум

Наватарства – шлях наперад

Якой прафесіі аддаць перавагу, каб яна была карыснай  для грамадства і прыносіла задавальненне? Такім пытаннем задаецца, бадай, кожны  старшакласнік. Каб вучні зрабілі правільны і асэнсаваны выбар, працаваць з імі трэба пачынаюць яшчэ ў пачатковых класах, засяродзіла ўвагу прысутных кандыдат педагагічных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Луцэвіч.

Пры гэтым абавязкова ўлічваць інтарэсы і схільнасці дзяцей да той ці іншай прафесіі. Дарэчы, выявіць іх дапамагаюць і інфармацыйныя тэхналогіі, якія шырока прымяняюцца ў працэсе навучання і выхавання.
– Дзяржава робіць высокую стаўку на развіццё такіх тэхналогій, – падкрэсліла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ала Сопікава, якая прыняла ўдзел у семінары. – На гэта скіраваны нядаўна прыняты Дэкрэт №8 “Аб развіцці цыфравой эканомікі”. Нашы дзеці дасягаюць высокіх рэзультатаў у разнастайных конкурсах і алімпіядах не толькі ў рэспубліцы, але і за мяжой. Гэта і ёсць стымул для развіцця і падтрымкі ІТ-адукацыі.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Лойкі, інавацыі – шлях наперад. Яны закладзены ў аснову дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна, якія ідуць у нагу з часам. Гонарам зэльвенскага краю з’яўляецца абласны рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі, адкрыты ў СШ №3. Па ініцыятыве Алы Сопікавай з 2017 года ў раёне дзейнічаюць тры інавацыйныя пляцоўкі, якія садзейнічаюць школьнікам у самавызначэнні пасля заканчэння школы, а настаўнікам – у прасоўванні іх педагагічных ідэй.

Невыпадкова рэспубліканскі семінар было вырашана правесці на базе цэнтра – як рэалізуецца прафарыентацыя, настаўнікам-наватарам лепш убачыць на свае вочы, каб пасля пераняць існуючы вопыт.

Навыкі фарміруюць заняткі
Удзельнікам мерапрыемства педагогі СШ №3 прэзентавалі, якім чынам яны арыентуюць вучняў на авалодванне канкрэтнай спецыяльнасцю. Напрыклад, на ўроках рускай мовы і літаратуры хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца разважаць, правільна фармуляваць свае думкі, што дэманструюць на старонках школьнай газеты “Рытм”. Даследчай дзейнасцю захапіліся члены савета музея “Светач” – яны не толькі збіраюць экспанаты, але і самі праводзяць пазнавальныя экскурсіі.

Артыстычныя здольнасці вучні набываюць на тэатральным гуртку, спартыўныя – на занятках скалалазаннем і фехтаваннем, кулінарныя – працоўным навучанні…

Такім чынам атрымліваюць навыкі наступных прафесій: журналіст, пісьменнік, паэт, экскурсавод, гісторык, этнограф, археолаг, этнолаг, сцэнарыст, акцёр, драматур, рэжысёр, спартсмен, трэнер, інструктар па турызму, скалалаз, альпеніст, кандытар, повар, афіцыянт.

Аб прафесіі з першых вуснаў
Зацікавіў прысутных праект шостага школьнага дня “Чалавек тыдня”, які рэалізуецца настаўнікамі сумесна з бацькамі.

Яго сутнасць заключаецца ў тым, што кожны тыдзень ва ўстанову адукацыі запрашаюцца прадстаўнікі той ці іншай прафесіі, якія расказваюць школьнікам аб сваёй рабоце, такім чынам матывуюць у будучым аддаць перавагу менавіта ёй. З дзецьмі ўжо сустрэліся юрыст, фатограф, бухгалтар, журналіст, ляснічы. Аб тым, наколькі каштоўны такі праект, сведчыць тое, што ён атрымаў прызнанне на абласным конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.

Электронныя рэсурсы
У СШ №3 створаны сайт па прафарыентацыі. Як упэўніліся ўдзельнікі семінара, тут падлеткі ў любы час могуць знайсці патрэбную інфармацыю пра сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы адукацыі, прайсці анлайн тэсты, скарыстацца інфармацыйнымі прафарыентацыйнымі слоўнікамі. А яшчэ атрымаць кансультацыю з дапамогай інтэрнэт-тэлефаніі – на ўзнікшыя пытанні па скайпе адкажа педагог-псіхолаг.

Асаблівую ўвагу прысутныя звярнулі на размешчаныя на сайце 3Д экскурсіі. Дзякуючы ім хлопчыкі і дзяўчынкі могуць завочна наведаць установы сярэдняй спецыяльнай і вышэйнай адукацыі, нікуды не выязджаючы. Што датычыцца такіх экскурсій, то ў СШ №3 іх навучыліся ствараць самастойна і прымяняюць у адукацыйным працэсе.

Вопыт для пераймання
Зэльвенскія настаўнікі сельскіх устаноў адукацыі падзяліліся з калегамі напрацоўкамі ў інавацыйнай дзейнасці.
Аб праекце, які з бягучага вучэбнага года рэалізуецца ў Галынкаўскай СШ, расказала намеснік дырэктара Наталля Ракевіч. З пачатковых класаў для школьнікаў тут ладзяцца віртуальныя экскурсіі і падарожжы ў свет прафесій. Знаёмства з імі адбываецца на ўроках, класных гадзінах, з дапамогай інфармацыі, размешчанай на стэндах, конкурсаў малюнкаў, гульняў і інш. Методыка “Кім быць” дазваляе выявіць у пачаткоўцаў кола іх інтарэсаў.

Педкалектыў Елкаўскай СШ прыярытэт аддае мабільнаму навучанню, менавіта такой яго форме, як прафарыентацыйны кабінет. Наведваючы яго, вучні знаёмяцца з календаром дзён адчыненых дзвярэй ВНУ краіны, даведнікам прафесій. Тэматычныя матэрыялы выкарыстоўваюцца на факультатывах, пазакласных мерапрыемствах. Па словах дырэктара Анатолія Лебедзя, у прафарыентацыйнай рабоце актыўна прымяняюцца і электронныя дапаможнікі “Парад прафесій”, “Класны выбар”, “Куток прафарыентацыі”. Так што каштоўнасць інфармацыйных тэхналогій відавочна – вучні не праводзяць марна час за камп’ютарам або мабільным тэлефонам, а знаходзяць тут карысную для іх інфармацыю.

Абмеркаванне тэмы семінара-практыкума працягнулася за круглым сталом.

Гутарка ішла аб эфектыўнасці наватарскіх падыходаў у самавызначэнні школьнікаў. Падсумоўваючы сустрэчу, яе ўдзельнікі сышліся на думцы, што інавацыйныя ідэі павінны і далей укараняцца ва ўстановах адукацыі.