Рэспубліканскі фетываль “Тыдзень спорту і здароўя»

Такі фестываль у краіне пройдзе восьмы раз, упершыню старт яму быў дадзены ў Гродне. Гродзеншчына багата спартыўнымі традыцыямі. У склад нацыянальных і зборных каманд краіны ўключаны 557 спартсменаў. Толькі за мінулы год прадстаўнікі вобласці на міжнародных спаборніцтвах заваявалі 67 медалёў, у тым ліку 20 залатых. Падрыхтоўка маладых спартсменаў вядзецца  у 56 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах, навучэнцы якіх заваявалі  на міжнародных маладзёжных, юніёрскіх і юнацкіх спаборніцтвах 36 медалёў. Удасканальваць сваю фізічную падрыхтоўку дзеці і моладзь могуць на 3318 аб’ектах фізкультурна-спартыўнага прызначэння.

З вітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуліся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь – начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак, алімпійскі чэмпіён па кулявой стральбе Канстанцін Леанідавіч Лукашык, начальнік ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Яўстафьевіч Андрэйчык.

А.М.Мацюшонак зачытаў прывітальны ліст Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі.
“Для нашых навучэнцаў і студэнтаў распахнуліся дзверы не толькі школ, каледжаў, гімназій, вышэйшых навучальных устаноў, але і ў ваша распараджэнне прадастаўлены спартыўныя збудаванні краіны – стадыёны, басейны, лядовыя арэны, спартыўныя пляцоўкі. Гэта – вынік клопату нашай дзяржавы аб умацаванні здароўя свайго народа. Сёння
прадастаўлена рэальная магчымасць кожнаму школьніку, студэнту, любому жыхару нашай краіны займацца любімымі відамі спорту ў вольны ад вучобы і працы час” – гаворыцца ў звароце, які А.М.Мацюшонак перадаў начальніку галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандру Генрыхавічу Сонгіну.

З паказальнымі нумарамі на сцэне выступілі навучэнцы Гродзенскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №9, школы Алімпійскага рэзерву, сярэбраныя прызёры чэмпіяната Усходняй Еўропы чырлідзерская група “Дартлі”.

Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталій Мікалаевіч Стрыгельскі, з 15 па 21 верасня ва ўсіх установах адукацыі і спорту прайдуць сустрэчы з алімпійскімі чэмпіёнамі, пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў, удзельнікамі, пераможцамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы, першынстваў Рэспублікі Беларусь пад назвай “Урок чэмпіёна”,  майстар-класы і спаборніцтвы па розных відах спорту, конкурсы на лепшага настаўніка фізічнай культуры, лепшага трэнера па віду спорту, спартыўныя святы для шматдзетных сем’яў «Здаровы я — здаровая сям’я!», мерапрыемствы для дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў. 20 верасня
ва ўстановах вышэйшай адукацыі пройдуць спартыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню студэнцкага спорту. На Гродзеншчыне разам з Тыднем спорту і здароўя праходзіць акцыя “Запішы дзіця ў спартыўную школу”.          Задоўга да пачатку цырымоніі, якая адбылася на адной з цэнтральных плошчаў горада, сотні гродзенцаў маглі стаць гледачамі і ўдзельнікамі імправізаваных спартыўных пляцовак – тут выступалі юныя спартсмены, іх трэнеры з усіх спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў Гродна. У гэты дзень Гродна святкаваў 890-гадовы юбілей, і гараджане на свае вочы ўбачылі дасягненні юных спартсменаў, магчымасці, якія яны маюць для заняткаў спортам, умацавання здароўя, маглі сустрэцца з вядомымі спартсменамі і, канешне, запісаць сваіх дзяцей ў спартыўныя секцыі і школы.