Прафесійны выбар, які прыносіць перамогу

У музеі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі ўрачыстыя провады нацыянальнай каманды Беларусі на 45-й міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства “WorldSkills Kazan 2019”, у якіх прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.В. Петрышэнка, міністр адукацыі І.В.Карпенка, прадстаўнікі БРСМ, ветэраны вайны, педагогі і кіраўнікі сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны.
У звароце да моладзі, І.В.Петрышэнка адзначыў, што прафесійная адукацыя у нашай краіне развіваецца вельмі імкліва. На дзяржаўным узроўні прафесійнай падрыхтоўцы спецыялістаў надаецца вялікая ўвага.
—Гэта аснова асноў развіцця нашай эканомікі і ў цэлым нашай краіны, —падкрэсліў І.В.Петрышэнка.—Для нас вельмі важна ўкараняць сучасныя тэхналогіі, новыя методыкі ў падрыхтоўкі кадраў, і ў гэтым нам дапамагае рух WorldSkills, які стаў для нашай сістэмы прафесійнай адукацыі своеасаблівым брэндам, дзякуючы якому расце прэстыж рабочых прафесій сярод нашай моладзі, уздымаецца на больш высокі ўзровень прафесійнае майстэрства працоўных рэсурсаў.
Як адзначыў І.В.Петрышэнка, сёння дзяржава клапоціцца аб тым, каб ўстановы прафесійнай адукацыі мелі сучаснае матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне, каб укараняліся новыя перадавыя тэхналогіі, адслежваліся міжнародныя тэндэнцыі і тым самым наша краіна была супастаўляльна ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў з сусветнымі трэндамі, у тым ліку і на пляцоўках WorldSkills.
І.В.Петрышэнка пажадаў членам нацыянальнай зборнай выступіць у Казані на самым высокім узроўні.
У тэатралізаваным прадстаўленні, прысвечаным урачыстым провадам беларускай каманды, прынялі ўдзел навучэнцы з многіх навучальных устаноў Мінска і рэгіёнаў, якія прадставілі спектр рабочых прафесій, найбольш запатрабаваных сёння на рынку працы.
WorldSkills — гэта самы буйны міжнародны рух, які на працягу больш за 60 гадоў аб’ядноўвае маладых прафесіяналаў усяго свету.Гэта спаборніцтвы, дзе маладыя майстры з сотні краін свету маюць магчымасць заявіць пра сябе і прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі.

WorldSkills—павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, дэманстрацыя важнасці ўменняў і навыкаў для эканамічнага росту і асабістага поспеху, гэта ўкараненне ў сістэму падрыхтоўкі кадраў інавацыйных тэхналогій і высокатэхналагічнага абсталявання, гэта трывалы механізм узаемадзеяння ўстаноў адукацыі і высокатэхналагічных прадпрыемстваў рэальных сектараў эканомікі, магчымасць прыцягнення ўдзельнікаў міжнародных спаборніцтваў у сістэму прафесійнай адукацыі ў якасці выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Такія ўзнёслыя словы гучалі на провадах у выступленнях прадстаўнікоў сістэмы прафесійнай адукацыі, вытворцаў-спонсараў, былых канкурсантаў міжнародных спаборніцтваў, педагогаў і кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі. Усе яны жадалі паспяховага выступлення членаў нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце ў Казані.
—Вы ўжо нашы пераможцы, —заявіў у сваім выступленні С.А.Касцючэнка, старшыня праўлення адкрытага акцыянернага таварыства “Прыорбанк”, які выступае спонсарам нацыянальнай каманды Беларусі на чэмпіянатах WorldSkills.—І не толькі таму, што вы пераможна прайшлі ўсе адборачныя этапы гэтага руху, сталі пераможцамі нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills у 2018 годзе, а яшчэ таму, што вы зрабілі свой правільны прафесійны выбар, знайшлі сваю прафесію, у якой вы сталі майстрамі найвышэйшага прафесійнага майстэрства. Гэта дарагога каштуе.
02.jpg

На сёлетні чэмпіянат свету ў Казань накіроўваецца каманда, члены якой будуць удзельнічаць у 33 прафесійных кампетэнцыях. Некаторыя з іх будуць прадстаўлены нашымі канкурсантамі ўпершыню. Акрамя таго, нашы юныя канкурсанты ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў будуць удзельнічаць у JuniorSkills. Адной з прыярытэтных ініцыятыў руху WorldSkills, накіраваных на апераджальную падрыхтоўку кадраў, з’яўляецца FutureSkills, дзе таксама будуць прымаць удзел нашы канкурсанты ў трох кампетэнцыях.
Сёлетнія ўрачыстыя провады праводзіліся пад эгідай юбілейнай даты для нашай краіны — 75 годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яскравым увасабленнем баявой славы, пераможнага духу нашага народа стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны,баявы афіцэр, работнік прафесійнай адукацыі з вялікім стажам, стогадовы жыхар Мінска П.Я.Вардамацкі. Ён звярнуўся да маладых людзей з пажаданнямі паспяховага выступлення на чэмпіянаце.
Мерапрыемства завяршылася ўскладаннем вянка ля Стэлы “Мінск-горад-герой” і фатаграфаваннем удзельнікаў сустрэчы з нацыянальнай зборнай Беларусі.

Ала КЛЮЙКО для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі. Фота Алега Ігнатовіча.