Пачаць з сябе

Працуючы сацыяльным педагогам у дашкольнай установе, я рэгулярна маю зносіны з бацькамі выхаванцаў і не раз чула іх меркаванне пра тое, што дзеці, прыходзячы ў дзіцячы калектыў, часта хварэюць. Мамы і таты спісваюць гэта на няўстойлівасць дзіцячых арганізмаў да змен мікраклімату. Таму я зацікавілася пытаннем умацавання здароўя выхаванцаў і вырашыла высветліць: ці ўдзяляецца ў сем’ях увага здароваму ладу жыцця.

Усе бацькі хочуць, каб іх дзіця расло здаровым, моцным, дужым, трывалым і вельмі часта задаюцца пытаннем: з якога ўзросту пачынаць вучыць дзіця весці здаровы лад жыцця. Наўрад ці можна ўстанавіць канкрэтныя ўзроставыя межы. У мяне меркаванне на гэты конт адназначнае: кожны з бацькоў павінен пачаць з сябе! Тады перад дзецьмі з маленства будзе станоўчы прыклад. Немагчыма ўпэўніць дзіця есці на снеданне кашу, калі яно бачыць, як яго бацькі раніцай ядуць бутэрброды сухама або ласункі. Дзеці капіруюць дарослых, іх паводзіны, звычкі — яны вучацца на тым, што іх акружае.

Мной была распрацавана і апрабавана на практыцы праграма “Крок за крокам да ЗЛЖ”. Здаровы лад жыцця дашкольніка — гэта, перш за ўсё, здаровы лад жыцця яго сям’і! Пад такім лозунгам стартавала праграма далучэння бацькоў да здаровага ладу жыцця. У рамках рэалізацыі праграмы штомесяц праводзіліся сумесныя круглыя сталы педагогаў і бацькоў. Мэта сустрэч — выявіць перавагі здаровага ладу жыцця і знайсці ім прымяненне ў штодзённым жыцці, каб выкананне мінімальных правіл было не цяжарам, а забавай, своеасаблівым сямейным баўленнем вольнага часу. На першым пасяджэнні мы правялі “эстафету меркаванняў”. Заслухоўвалі і абмяркоўвалі выказванні на тэму “Здаровы лад жыцця ў маёй сям’і”. Кожны ўдзельнік круглага стала меў уяўленне пра здаровы лад жыцця, але многія выказвалі меркаванне пра тое, што гэта затратна як па часе, так і матэрыяльна. Тут можна паспрачацца. Не абавязкова наведваць трэнажорную залу, басейн і іншыя спецыялізаваныя ўстановы — можна рабіць зарадку раніцай, удзяліўшы гэтаму 5 мінут, прытрымлівацца асабістай гігіены, есці здаровую ежу, выконваць рэжым дня. А дзеці, таксама як і дарослыя, могуць весці актыўны лад жыцця. Розніца толькі ў тым, што рабіць усё гэта самастойна яны не могуць, патрэбна дапамога дарослых, неабходны не толькі кантроль, але і жывы прыклад. Толькі дарослы можа навучыць дзіця правільна спалучаць нагрузкі і адпачынак адпаведна з узростам, перасцерагчы ад шкодных прадуктаў харчавання, інфармаваць пра наступствы шкодных звычак.

“Рух — гэта жыццё” — пад такой назвай прайшло другое пасяджэнне ў рамках рэалізацыі праграмы. Дзеці не могуць абысціся без тэлефона, планшэта, камп’ютара, тэлевізара, што зводзіць да мінімуму іх фізічную актыўнасць. Часта гульням на вуліцы перашкаджаюць віртуальныя гульні. У такім выпадку бацькам неабходна паклапаціцца аб правядзенні сямейных вольных часін на свежым паветры. Гэта могуць быць звычайныя прагулкі перад сном, пікнікі, паходы. Таксама не варта забываць пра фізкультуру. Бацькі павінны паказваць сваім дзецям прыклад актыўнага, цікавага і рухавага жыцця. На пасяджэнні круглага стала, сумесна з кіраўніком фізічнага выхавання і медсястрой дашкольнай установы быў распрацаваны комплекс практыкаванняў, які аптымальна падыходзіць да ранішняй зарадкі ўсёй сям’ёй.

Наступная задача бацькоў — выконваць рэжым дня. Гэтае пасяджэнне круглага стала атрымала назву “Жыццё па гадзінах”. У дзіцячым садзе рэжым выконваецца, а дома не заўсёды. А дамашні рэжым дашкольніка — адзін з важных складнікаў сямейнага выхавання, які дазволіць захоўваць высокі ўзровень працаздольнасці, пазбегнуць стомленасці і выключыць ператамленне. На пасяджэннях мы прыйшлі да меркавання, што можна разам з дзецьмі скласці распарадак дня для кожнага члена сям’і і паказаць на сваім прыкладзе, што трэба і важна яго выконваць.

Чацвёртая сустрэча прайшла пад назвай “Культура харчавання”. Намі была распрацавана памятка-размалёўка для дзяцей “У якіх прадуктах “жывуць” вітаміны”, якая дала магчымасць кожнаму з бацькоў праз гульню расказаць дзецям, для чаго вітаміны патрэбны і ў якіх прадуктах яны ёсць. Важна расказваць дзецям пра карысць і шкоду розных прадуктаў, прывучаць з дзяцінства да здаровага і правільнага харчавання, абмяжоўваць ужыванне шкодных прадуктаў.

Наступнае пасяджэнне атрымала назву “Трубочист-чист-чист”. Не трэба пакідаць без увагі культурна-гігіенічныя навыкі. Дзеці павінны ведаць правілы асабістай гігіены, гігіены памяшканняў, адзення, абутку. Неабходна растлумачыць дзіцяці, для чаго гэта трэба рабіць: каб быць чыстым, добра выглядаць, каб было прыемна і камфортна, каб змыць мікробы. Таксама можна разам з дзецьмі разглядаць сітуацыі абароны ад мікробаў і рабіць высновы, якія малышы павінны добра засвоіць: не есці і не піць на вуліцы; заўсёды мыць рукі з мылам, вярнуўшыся з вуліцы, перад ядой, пасля наведвання туалета. Для замацавання навыкаў мы вырашылі выкарыстоўваць мастацкае слова, інсцэніроўкі гульнявых сітуацый. Менавіта гуляючы, дзецям можна растлумачыць многія складаныя для іх успрымання рэчы, але галоўная ўмова для бацькоў: у кожнай гульні ўдзельнічаць нараўне з дзецьмі, навучаць іх праз гульню на ўласным прыкладзе.

Крок за крокам, на кожным пасяджэнні круглага стала мы вывучалі шляхі і спосабы далучэння ўсёй сям’і да вядзення здаровага ладу жыцця, дзяліліся меркаваннямі і сумесна знаходзілі вырашэнне праблем.

У сваёй рабоце я старалася не абмяжоўвацца толькі гутаркамі і абмеркаваннямі. Выкарыстоўвала наглядна-інфармацыйныя рэсурсы, рухавыя, сюжэтна-ролевыя гульні, прыём “мазгавога штурму” і іншыя формы работы. Падчас пасяджэнняў распрацоўваліся памяткі і буклеты для дзяцей у карцінках, гульні і розныя практыкаванні. Кожны ўдзельнік змог вынесці з гэтых сустрэч многа карыснай інфармацыі для далейшага прымянення на практыцы.

Перад бацькамі стаіць няпростая задача: выпрацаваць у маленькага дзіцяці ўменні і навыкі, якія спрыяюць захаванню здароўя, дапамагчы ўсвядоміць, што здароўе для чалавека — найважнейшая каштоўнасць, галоўная ўмова дасягнення любой жыццёвай мэты, і кожны сам нясе адказнасць за яго захаванне і ўмацаванне. У гэтым нішто не можа замяніць аўтарытэт дарослага. Толькі гаварыць пра значнасць здароўя — гэта мала. Трэба рабіць штодзённыя, няхай дробныя, але абавязкова шматлікія крокі. Дзецям неабходна не толькі тлумачыць значнасць тых ці іншых дзеянняў і звычак, галоўнае — падаваць уласны прыклад.

«Настаўніцкая газета»