Па-руску вучымся раз на тыдзень: як выхоўваюць дашкольнікаў у беларускамоўнай групе ў Смаргоні

– Ну, калі ўжо да нас прыедзе прэзідэнт? – з самай раніцы чула на працы пытанне жыхарка Смаргоні Эдзіта Бранцэвіч.
Напэўна, калі тваім выхаванцам па чатыры-пяць гадоў, то блытаніна паняццяў “прэзідэнт” і “карэспандэнт” – не самая страшная памылка ў жыцці…
У смаргонскім садку беларускамоўныя групы тры – сярэдняя і дзве малодшыя. Я трапіла ў сярэднюю. На беларускай мове дашкольнікаў у ёй навучаюць другі год.

І выхавальніца гэтай групы Эдзіта Эдуардаўна, шчыра спадзяецца, што беларускамоўнае выхаванне яе падапечных не скончыцца з прыходам у школу:
– Апошнія гады ў школе з першага класа беларускую мову не вывучалі як прадмет, а цяпер пачалі, хай сабе і вусна. Да таго ж усе беларускамоўныя групы ў нашым садку адчыненыя са згоды бацькоў. Магчыма, гэта згода будзе і пры паступленні дзяцей у школу.

З кожным з бацькоў на пачатку года гутарыць загадчык садка, распавядае пра тое, што ёсць магчымасць адкрыць беларускамоўную групу. Пасля бацькі ідуць да выхавальніцы, ідуць з сумненнямі.

– Аднак мая ўпэўненасць у поспеху беларускага навучання сумненні бацькоў развенчвае, – смяецца педагог.
У садку Эдзіта Бранцэвіч працуе тры гады. Да гэтага была настаўніцай пачатковых класаў у школе. Чаму абарала дашкольную адукацыю? Лічыць, што ў садку больш прасторы для творчасці. А яшчэ штодзённыя кантакты з бацькамі падабаюцца.

Як бацькі баяцца беларускай мовы
За сваю практыку жанчына заўважыла: беларускай мовы бацькі часта… баяцца:
– Не раз чула такія думкі, маўляў “маё дзіця нічога па-беларуску не разумее, таму і вучыцца дрэнна”.

Не беларуская мова таму прычынай, перакананая выхавальніца, а няўпэўненасць, няўважлівасць. Калі дзіця паспяховае, мова не стане перашкодай. І такі прыклад жанчына бачыць ва ўласнай сям’і.
Дачка Эдзіты Бранцэвіч па-беларуску вучылася ў смаргонскай гімназіі ад першага да адзінаццатага класа. Дзяўчына не звязала прафесію з мовай. Цяпер яна вучыцца на дызайнера.

Аднак падчас цэнтралізаванага тэставання абітурыентка атрымала 94 балы па беларускай мове і 96 – па гісторыі Беларусі. А ў створаных ёю мадэлях адзення нязменна прысутнічае этнастыль.

Дзед Мароз будзе размаўляць па-беларуску
Вялікім дасягненнем выхавальніца лічыць, што сёлетні навагодні ранішнік будзе цалкам беларускім. Дзед Мароз, Снягурка, Ліса – усе будуць размаўляць з малымі гледачамі на роднай мове.
І асабліва цешыць выхавальніцу тое, што ўсіх казачных персанажаў будуць іграць бацькі, большасць з якіх – настаўнікі і медыкі. Некаторыя нават спецыяльна пераводзілі дзяцей у гэты садок і ў гэту групу.

Канешне, у дзіцячых размовах паміж сабой часам чуецца руская гаворка. Большасць дзяцей з рускамоўных сем’яў. Але, як падзялілася выхавальніца, можна пачуць і такія размовы яе падапечных:
– Трэба казаць не «помогите, пожалуйста», а “дапамажыце, калі ласка”.
Эдзіта Бранцэвіч лічыць, што дзеці-“білінгвы” – якія гадуюцца ў сітуацыі двухмоўя, – больш развітыя, разумныя, чым іх аднамоўныя сябры:
– Размаўляць па-беларуску аўтаматычна дзеці яшчэ не могуць. Паглядзіце, як ім цяжка: спачатку зразумець пытанне па-беларуску, потым прадумаць па-руску адказ і зноў жа перакласці на беларускую мову. Таму гэта вялікае дасягненне для іх развіцця.

Ляпілі птушак і танцавалі “Ручаёк”
– Вось пайшлі нашы патрыёты, – кажуць супрацоўнікі садка, калі, праходзячы па калідоры, выхаванцы сярэдняй групы дружна вітаюцца з усімі па-беларуску.

І як пасля гэтага дарослым не падцягнуць свае веды роднай мовы? Эдзіта Бранцэвіч звяртае ўвагу на тое, каб усе заняткі праводзілі па-беларуску. Раніцай з кіраўніком фізвыхавання дзеці робяць беларускамоўную зарадку, удзень спяваюць у музычнай зале беларускія песні. Сакавітай беларускай мовай валодае і памочнік выхавальніка Галіна Шунько, ведае шмат прыказак, прымавак, дыялектных слоў.

Сама выхавальніца шмат ідэй для заняткаў з дзецьмі бярэ з курсаў “Мова нанова”, стараецца не прапускаць розных беларускіх народных святаў, фестываляў, каб пасля нешта з убачанага правесці з дзецьмі. Навучылася рабіць лялек-мотанак, і дзяцей навучыла. З’ездзіла на гуканне вясны, а потым разам з дзецьмі ў групе зладзіла такое свята. Дашкольнікі ляпілі з цеста птушак, заклікалі вясну абрадавымі песнямі, спрабавалі танцаваць “Ручаёк”.
У беларускіх гульняў таксама няма недахопу. Толькі падчас майго нядоўгага знаходжання ў групе дзеці паказалі мне тры – “У вераб’я”, “У Машу” і “У гарлачык”.

Як залюлялі сыночка Яначку
Неяк выхавальніца заўважыла, што мову дзеці лепш запамінаюць праз песенькі. Таму летась доўгі час у групе вучылі розныя калыханкі. Тым больш, і папрактыкавацца ёсць дзе. У беларускім куточку стаіць калыска, зробленая бацькамі, а ў ёй – сынок Яначка.

Побач бабулін куток з папяровай печкай для таго, каб можна было пасядзець, адпачыць і, гледзячы на вогнішча, падумаць пра нешта сваё.

Па-беларуску ў групе вядуць усю дакументацыю, размаўляюць з бацькамі кожны дзень, а таксама падчас бацькоўскіх сходаў. І калі па першым часе пасля сваёй беларускай рэплікі выхавальніца чула “а сейчас переведите”, то цяпер такіх запытаў становіцца ўсё менш.
Магчыма, ведучы дзіця ў такую групу, некаторыя з бацькоў думалі, што “беларускамоўнасць” будзе фармальнай, аднак такога не атрымалася.
І таты з мамамі ўсё больш далучаюцца да ініцыятыў выхавальніцы. Прыносяць з дому старыя рэчы, вышыванкі, зробленыя прабабулямі, нешта майструюць самі, набываюць лялек у беларускіх уборах, кніжкі на роднай мове.