Беларуская мова на ўсе 100: прадстаўнікі Гродзеншчыны паказалі на ЦТ выдатныя веды па прадмеце

Самы высокі вынік на ЦТ па беларускай мове ў гэтым годзе паказалі выпускнікі ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці. Нашы хлопцы і дзяўчаты ў сярэднім набралі крыху больш за 50 балаў, у тым ліку атрымалі тры сертыфікаты з найвышэйшай, 100-бальнай, адзнакай. Пра тое, як дасягнулі такога поспеху, выдатнікі распавялі карэспандэнту «ГП».

Елизавета Малюк.JPG

Лізавета Малюк: «Беларускую мову адчуваю душой»

Лізавета Малюк, выпускніца Ліпнішкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іўеўскага раёна, беларускую мову вывучала з дзяцінства. У школе дзяўчына заўсёды ўдзельнічала ў раённых алімпіядах па прадмеце.

  Асноўныя веды па беларускай мове я атрымала, канешне, у школе, – распавядае Лізавета. –  Мне вельмі пашанцавала з настаўнікам. Вучылася ў беларускамоўным класе, чытала кнігі на беларускай мове. Гэта таксама вельмі дапамагло.

Зусім хутка Ліза будзе студэнткай Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Нягледзячы на тое, што вынікі па хіміі і біялогіі перавышаюць 80-бальную адзнаку, дзяўчына лічыць – па-сапраўднаму наблізіцца да сваёй мары ёй дапамагла любоў да роднай мовы.

З аднаго боку я была ўпэўнена ў сваіх ведах, але ўсё роўна вельмі моцна хвалявалася. На апошнім рэпетыцыйным тэсціраванні набрала ўсяго 86 балаў, знервавалася, таму што для мяне гэта нізкі вынік. Непасрэдна на ЦТ таксама хвалявалася, страшна было памыліцца, няправільна запоўніць бланк. У пяці заданнях сумнявалася, але паспадзявалася на інтуіцыю і, як бачыце, трапіла ў кропку. Усё ж такі мая мова – беларуская, я адчуваю яе душой.

Паглядзець вынік у інтэрнэце Ліза папрасіла маму. Тая, пабачыўшы на маніторы лічбу 100, спачатку не паверыла вачам, а потым ад радасці ўскрыкнула так, што ўсе хатнія збегліся.

–  Першае, што я зрабіла, калі даведалася, – працягвае Ліза, – патэлефанавала сваёй настаўніцы. Яна плакала ад радасці. Я шмат разоў перажывала, калі ў мяне нешта не атрымлівалася, але бацькі і педагогі падтрымлівалі мяне, казалі: «Ты зможаш”.

Мария Мурог.jpg

Марыя Мурог: «З роднымі размаўляю па-беларуску»

Зараз у сярэдняй школе №4 горада Навагрудка актыўна набіраюць дзяцей у класы з беларускай мовай навучання. У свой час выпускніца школы Марыя Мурог, якая сёлета атрымала на ЦТ жаданую сотню, у такі клас не папала. Тым не менш дзяўчына ўпэўнена – дзецям, якія пачнуць узмоцнена вывучаць беларускую мову з ранняга дзяцінства, у будучым будзе значна лягчэй:

Пры паступленні гэта можа быць вельмі карысным. Мне, напрыклад, беларускі даваўся лягчэй, чым іншыя мовы. На беларускай мове размаўляюць многія з маіх родных. І я падтрымліваю гэта, таму што наша мова вельмі прыгожая і меладычная. 

Марыя таксама здавала хімію і біялогію. Балы –  92 і 93 адпаведна. За жаданымі лічбамі – цяжкая праца. Цяпер, калі ўсе ЦТ здала, дзяўчына раіць будучым абітурыентам прысвячаць большую частку вольнага часу заняткам і быць як мага больш уважлівымі. Тады поспех гарантаваны.