Знаёмімся з сусветам

Посткросінг — праект па абмене паштоўкамі — набірае ўсё большую папулярнасць сярод дарослых. А як жа дзеці? Ці могуць яны стаць удзельнікамі гэтага цікавага праекта? Таксама могуць, і ўжо актыўна гэтым займаюцца.

Аб славутасцях роднага горада ДЦРД № 30 Гродна стаў ідэйным натхняльнікам і арганізатарам міжнароднага праекта ўстаноў дашкольнай адукацыі “Планета дзяцінства”. Аўтар і адміністратар праекта — намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 30 Гродна Наталля Віктараўна Скорб. Падчас летніх канікул яна стварыла групу і прапанавала дзіцячым садам паўдзельнічаць у такім цікавым праекце. І аднадумцы знайшліся. 24 удзельнікі з Гродна, Лунна, Светлагорска, Магілёва, Слоніма, Ліды, расійскіх гарадоў Пермі, Сыктыўкара, Чэбаксар, Пскова, Растова-на-Доне, Верхняй Пышмы, сяла Урык, пасёлка Конаша. Каталог адрасоў пастаянна папаўняецца.

З 1 верасня мы пачалі зносіны паміж дашкольнымі ўстановамі. Тэма першага этапу — “Краявіды (славутасці) роднага горада”. Дзеці з радасцю падбіраюць паштоўкі, прыдумляюць пасланні, чытаюць разам з выхавальнікамі атрыманыя лісты, знаходзяць на карце гарады, адкуль прыйшлі паштоўкі. Выхавальнікі адгукнуліся і на прапанову Наталлі Віктараўны падрыхтаваць і даслаць адно аднаму невялікія прэзентацыі аб сваім горадзе. Цяпер і дзеці, і дарослыя атрымаюць больш інфармацыі аб розных гарадах: даведаюцца пра гісторыю, славутасці, прыроду, вялікіх людзей тых гарадоў, адкуль прыйшлі паштоўкі.

Гэта нефармальныя зносіны паміж педагогамі і дзецьмі розных гарадоў з дапамогай несправядліва забытага эпісталярнага жанру мае вялікае пазнавальнае і выхаваўчае маральна-патрыятычнае значэнне. Мы з маімі выхаванцамі другой малодшай групы № 5 ясляў-сада № 87 Гродна адправілі паштоўкі ў 6 дзіцячых садоў. Першы адказ прыйшоў з Пермі. Пісьмо вельмі ўразіла дзяцей, і яны чакаюць новых лістоў з малюнкамі і паштоўкамі, а таксама з цікавымі апавяданнямі ад іншых дзяцей.