Уваход у садок – праз… тэлефонную будку. Як у летніку ў Астраўцы вучаць дзяцей бяспецы

Лета — гарачая пара… Але гарачая яна не толькі для вяскоўцаў, якія рупяцца, каб вырасціць і сабраць ураджай, але і для бацькоў, якія плануюць адправіць дзіця ў дзіцячы садок. Адарваць ад сэрца, пакінуць з незнаёмымі “цёткамі” і потым увесь дзень вярэдзіць душу думкамі: ”Ці пад’еў?”, “Як спаў?”, “Ці надзелі капялюшык?”, “Пацяплела — ці знялі кофтачку?” І, вядома ж, бацькам хочацца, каб дзіця ў садку не толькі накармілі і дагледзелі, але і навучылі, выхавалі, падрыхтавалі да школы… Каб выхавацель не на пальцах тлумачыла матэрыял, а выкарыстоўвала сучасныя сродкі адукацыі, каб з прыродай малыя знаёміліся не па карцінках, а на яве, каб мову дзіця ведала не толькі родную, але і замежную. Ведаючы запыты бацькоў, адміністрацыя і педагогі ўсіх дашкольных устаноў адукацыі стараюцца зрабіць усе магчымае, каб іх задаволіць цалкам – і нават больш.
IMG_20190517_080550.jpg
Вельмі часта ў паўсядзённых клопатах мы забываем пра небяспеку, якая можа сустрэцца на кожным кроку. Між тым бестурботнасць і абыякавасць могуць прывесці да трагедыі. Аднак можна прадухіліць бяду, зберагчы сябе і сваіх родных ад небяспекі – трэба толькі валодаць элементарнымі ведамі асноў бяспекі жыццядзейнасці. Веды гэтыя фарміруюцца ў працэсе выхавання. А улічваючы тое, што большую частку свайго жыцця дзеці праводзяць у розных установах адукацыі, хочам мы таго, ці не, але галоўная роля ў навучанні дашкольнікаў асновам бяспекі жыццядзейнасці кладзецца на плечы выхавацеляў.
IMG_20190517_080743.jpg
Менавіта таму дзяржаўная установа адукацыі “Яслі-сад № 3 г. Астраўца” асноўным накірункам сваёй дзейнасці абрала выхаванне ў дзяцей трывалых ведаў і навыкаў асноў бяспекі жыццядзейнасці.  Ужо амаль паўгода мы працуем над стварэннем рэсурснага цэнтра па іх фарміраванні.
IMG_20190517_080555.jpg
Пачынаецца ўсе з тэлефоннай будкі: адчыняючы яе дзверы, выхаванцы трапляюць у горад дзяцінства і прыгод Кідсбург – і разам з тым у чарговы раз успамінаюць нумар, які трэба набіраць, калі нешта здарылася. Ідучы па калідоры першага паверха, яны бачаць бальніцу, аптэку, аўтамабілі на трасе, паўтараюць правілы пераходу вуліцы, даведваюцца, як трэба паводзіць сябе, калі апынуўся ў незнаёмым месцы. Самыя маленькія на бізібордах развіваюць дробную маторыку пальчыкаў, знаёмяцца з дарожнымі знакамі, якія, дарэчы, умеюць размаўляць і рухацца.

IMG_20190517_112112.jpg

Працягваючы падарожжа, можна завітаць на вучэбна-трэніровачную базу і  паглядзець цікавы мультфільм пра тое, як правільна паводзіць сябе на вадзе, аказаць першую медыцынскую дапамогу, што рабіць, калі заблукаў у лесе. І пры гэтым пачаставацца чаем і духмянымі піражкамі, якімі пачастуюць супрацоўнікі дзіцячага кафэ.
У аснову навучання плануецца закласці віртуальнае паглыбленне дзяцей ў асяроддзе, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі: апынуцца ў задымленым пакоі, на ажыўленай вуліцы, у лесе, на вадаёме… Веды аб тым, як паводзіць сябе ў надзвычайная сітуацыі, пры гэтым выпрацоўваюцца і замацоўваюцца на падсвядомым узроўні дзякуючы шматразоваму перажыванню змадэліраваных сітуацый і выпрацоўцы навыкаў бяспечных паводзін, выканання правільных дзеянняў у розных абставінах.
З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца і камп’ютарны клас, інтэрактыўная дошка. Плануецца асяроддзе ўдасканаліць і зрабіць яго яшчэ больш інтэрактыўным і сучасным.
Работа з бацькамі — адзін з найважнейшых накірункаў выхаваўча-адукацыйнай работы. Яны — нашы аднадумцы, партнёры, памочнікі, бо разумеюць, што для паўнавартаснага, дзейснага выканання правілаў бяспечных паводзін дзіця павінна не проста іх вывучыць, а засвоіць – бачыць, як гэта робіцца ў рэальным жыцці.
Працуючы ў гэтым напрамку, мы распрацавалі шэраг уласных рэкамендацый, аўтарскіх дапаможнікаў, матэрыялаў, якія дазволілі вырашаць праблемы комплексна. Яны апрабаваны на практыцы і па выніках педагагічнай дыягностыкі пацвердзілі сваю эфектыўнасць.
IMG_20190517_080843.jpg
Сістэмнасць і планавасць у рабоце, цеснае супрацоўніцтва з сям’ёй дазволіла нам дасягнуць пэўных вынікаў: не дапушчана няшчасных выпадкаў з выхаванцамі, дашкольнікі авалодалі неабходнымі ведамі па тэхніцы бяспекі, умеюць правільна паводзіць сябе у надзвычайных сітуацыях. І гэта – толькі пачатак: гэтая работа ў нашай установе адукацыі будзе працягвацца і ўдасканальвацца.
IMG_20190517_083113.jpg