У сярэдняй школе №39 Гродна дзяўчаты з захапленнем вучацца ткацтву

Навучэнцы школы развенчваюць міф аб тым, што ткаць сёння ўмеюць толькі бабулі. Вось ужо на працягу трох гадоў вучаніцы школьнага ткацкага гуртка займаюцца гэтым народным рамяством. І трэба заўважыць, даволі паспяхова. У калекцыі юных ткачых ужо ёсць вырабы на любы густ, розных памераў і прызначэння. Абрусы, паяскі, закладкі для кніг – усё гэта дзяўчаты робяць сваімі рукамі. Хтосьці на маленькіх ручных станках, а хтосьці ўжо і вялікія кросны асвоіў.

Майстар-класы для дзяцей тут ладзяць дасведчаныя ткачыхі, вопытныя педагогі – Рыта Траццяк і Марына Камінская. Яны пераемніцы гудзевічскай школы ткацтва. У свой час у дзяцінстве вучыліся гэтаму майстэрству ў захавальніцы старадаўняй традыцыі падвойнага ткацтва, народнага майстра Веры Белакоз, матулі Марыны Камінскай.

– Сёння дамашнім ткацтвам ужо амаль ніхто не займаецца. Паступова сыходзяць і носьбіты гэтага рамяства. Губляюцца векавыя традыцыі, перарываецца духоўная повязь пакаленняў. Хочацца не страціць багатую, адметную, самабытную і непаўторную спадчыну, створаную талентам і працавітасцю нашых продкаў. Хочацца, каб гэта справа доўжылася, станавілася больш значнай для нашай школы, навучэнцаў і наогул моладзі, – адзначае кіраўнік гуртка Рыта Траццяк.

Крокаў у гэтым накірунку ўжо зроблена нямала. Сёння на базе школы працуе этнаграфічная экспазіцыя “Святло роднай хаты”, экспанатамі якой сталі ткацкія прылады і гатовыя вырабы. Жадаючыя тут могуць даведацца пра гісторыю рамяства, якім чынам валакно ператвараецца ў нітку, як выглядаюць калаўрот-стаяк і калаўрот-ляжак, прасніца, матавіла, церніца і льночасалка. Акрамя таго, у экспазіцыю ўваходзяць і іншыя побытавыя рэчы жыхароў сялянскай хаты, абярэгавыя лялькі.

Ідэя стварэння такога міні-музея з’явілася яшчэ ў 2015 годзе, пасля таго, як настаўніца беларускай мовы Эма Урублеўская разам са сваімі калегамі і бацькамі вучняў арганізавала нешта падобнае ў парадным холе падчас правядзення першага ў новай школе тыдня беларускай культуры і славеснасці. З тых пор многае змянілася. Экспазіцыя стала пастаяннай, пераехала на чацвёрты паверх, дзе размясцілася каля кабінетаў беларускай мовы і літаратуры, а самае галоўнае, яна заўсёды папаўняецца новымі рэчамі.

– Адным з цэнных экспанатаў навучэнцы і настаўнікі нашай школы лічаць кросны, якія нам падаравала жыхарка мікрараёна Альшанка, унучка іх уладальніцы, – распавядае заснавальніца этнаграфічнага кутка Эма Урублеўская. – Зараз на станку размешчаны фотаздымак яе бабулі – Веры Скораб і шыльдачка з інфармацыяй, чый станок і адкуль прывезены.

Аб тым, што пераемнасць традыцый дае свае расткі, сведчаць дасягненні юных ткачых, іх перамогі ў розных конкурсах. Значыць, старадаўняя справа жыве, а ланцужок пераемнасці не перарываецца. Больш таго, ён шукае працяг далёка па-за межамі адной толькі школы. Кіраўніцтва ўстановы плануе прыняць удзел у конкурсе малых праектаў для папулярызацыі традыцыйных рамёстваў, уменняў, навыкаў сярод моладзі прыгранічных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы і Украіны па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча–Беларусь–Украіна 2014-2020”.

Гродненская правда