У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» адбылося святочнае віншаванне юных інтэлектуалаў

У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» адбылося святочнае віншаванне юных інтэлектуалаў. У актавай зале гімназіі №1 горада Дзятлава сабраліся лепшыя навучэнцы школ раёна — пераможцы алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Павіншаваць іх прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Белаус, яе намеснік, старшыня раённай арганізацыі ГА «БСЖ» Алена Жадзейка, галоўны спецыяліст аддзела Алена Гарановіч.
Сустрэча праходзіла ў фармаце праграмы «Ва ўвесь голас», яе задачамі былі падвесці вынікі Года навукі і прадэманстраваць дасягненні лепшых вучняў Дзятлаўшчыны. Для гэтага вядучыя праекта выбралі розныя формы — інтэрв’ю, віктарыны, відэапасланні, апытанні, гульні, майстар-класы і нават прынеслі ў студыю чорную скрыню для знатакоў. Але інтэлектуалы годна абаранялі сваё званне, з гумарам, праявіўшы кемлівасць і фантазію, справіліся з усімі іспытамі.