Разам — па-беларуску

Стварылі беларускія нацыянальныя ўборы і апранулі ў іх лялек, вывучылі назвы прадметаў адзення на роднай мове, даведаліся пра гісторыю беларускага касцюма — так праходзіла ў яслях-садзе № 79 Гродна адно з мерапрыемстваў, прысвечанае тыдню роднай мовы.

— Тэматычныя тыдні дазваляюць пашырыць веды выхаванцаў пра традыцыі, культуру нашага народа, прывіць дзецям цікавасць і любоў да роднай мовы, — гаворыць загадчыца ясляў-сада № 79 Наталля Байрашэўская. — Гэты тыдзень быў багаты на розныя мерапрыемствы, да ўдзелу ў якіх запрасілі і бацькоў дзяцей.

З педагогамі правялі метадычны вэбінар “Вывучаем родную мову разам!”, а з выхаванцамі чыталі па-беларуску казкі, спявалі песні. У кожнай групе аформілі выставы беларускай дзіцячай літаратуры “Вытокі кніжнага слова”, расказалі пра беларускага першадрукара Францыска Скарыну (“Я добрую кнігу, як цуд, люблю!”). Бацькі таксама былі прыцягнуты да папулярызацыі роднай мовы — па ўсім садку для іх былі развешаны лістоўкі з беларускімі словамі, каб дома мамы і таты маглі вывучыць іх з дзецьмі, таксама былі праведзены кансультацыі пра тое, як размаўляць з дзецьмі на беларускай мове. А кожная раніца ў садку пачыналася з фізкультхвілінкі на роднай мове.

У госці да дзяцей завітала дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая і прачытала свае вершы, казкі.
Вельмі спадабаўся дашкольнікам конкурс “Уборы для лялькі” — выхаванцы кожнай групы выраблялі нацыянальны беларускі касцюм для папяровай лялькі. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Тарановіч расказала дзецям пра ансамблі жаночага і мужчынскага адзення, азнаёміла з беларускімі назвамі: кашуля, спадніца, фартух, камізэлька.

— У дзень вышыванкі, які мы правялі незадоўга да Дня Незалежнасці, нашы выхаванцы атрымалі інфармацыю пра нацыянальнае адзенне, арнамент і яго значэнні, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Выхавальніца Ларыса Губарэвіч на майстар-класе “Васільковая кропля неба” вучыла дзяцей рабіць з паперы васількі. Конкурс “Азбука беларускага арнаменту” і выстава “З бабулінага куфра” азнаёмілі дзяцей са значэннямі сімвалаў беларускага арнаменту, веды пра якія дашкольнікі маглі выкарыстаць падчас конкурсу “Уборы для лялькі”.

— Пастаянна шукаем новыя формы работы з дзецьмі і іх бацькамі. Так, сёлета ўпершыню правялі тыдзень прававых ведаў, — гаворыць Наталля Чаславаўна. — На савеце прафілактыкі прыйшлі да высновы, што такая інфармацыйная работа будзе карысная ў першую чаргу для бацькоў нашых выхаванцаў. Галоўным пытаннем было, што бацькі ведаюць аб правах дзіцяці і як іх выконваюць. Мы правялі анкетаванне і кансультацыі. З дзецьмі таксама размаўлялі на згаданую тэму. Зацікаўленасць бацькоў умацавала нашу пазіцыю: прававыя тыдні рознай тэматыкі будзем праводзіць і далей.