План мерапрыемстваў па святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці

ЗАПРАШАЕМ НА СВЯТА, ПРЫСВЕЧАНАЕ МІЖНАРОДНАМУ ДНЮ РОДНАЙ МОВЫ

 Вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 1 г. Смаргоні” Смаргонскага раёна запрашаюць на свята  “Гімн роднай мове”. На свяце вы пачуеце жывое беларускае слова з вуснаў нашых вучняў, далучыцеся да скарбаў нацыянальнай культуры, да яе каранёў і вытокаў.

На працягу ўсяго свята будуць гучаць фальклорныя і сучасныя песні і танцы артыстаў нашай школы.  Вучні разам з настаўнікамі будуць чытаць вершы вядомых беларускіх аўтараў. Вы пазнаеміцеся  з гісторыяй узнікнення свята Міжнароднага Дня роднай мовы.  Незабыўнае ўражанне пакіне тэатралізаванае міні-інсцэніроўка “Сын і маці”.  Зацікавяць гасцей выстава кніг беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, а таксама этнаграфічная выстава нацыянальных вырабаў.

А напрыканцы вас чакае выступленне творчай групы чарлідзінга “Краіна-мая Беларусь”.

А якое ж свята без пачастункаў? Смачныя смаргонскія баранкі чакаюць усіх удзельнікаў нашага свята.

Да сустрэчы на Смаргоншчыне!

Прыблізная колькасць удзельнікаў – каля 70 чалавек.


На Смаргоншчыне талентаў багата

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Яслі-сад № 8 г. Смаргоні” арганізуе музычную забаву “На Смаргоншчыне ў нас талентаў багата”. Праз выкарыстанне твораў беларускіх кампазітараў і народнага фальклору дзеці пазнаёмяцца з беларускімі традыцыямі і культурай, прадэманструюць свае таленты ў танцах і спевах.

Выхавацель дашкольнай адукацыі Бранцэвіч Эдзіта Эдуардаўна запросіць у старшую беларускамоўную групу на занятак па тэме “Дзень роднай мовы”. У групе, дзе працуе Бранцэвіч Э.Э., створана беларускамоўнае асяроддзе, арганізавана цеснае супрацоўніцтва з бацькамі па далучэнню дзяцей да беларускай мовы і культуры беларускага народа. Эдзіта Эдуардаўна падзеліцца вопытам працы ў дадзеным накірунку.

Прыблізная колькасць удзельнікаў – каля 25 чалавек.


«Ад тых, хто мову шанаваў»

(тэатралізаваная гульня-віктарына)

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у памяшканні сярэдняй школы № 32 г.Гродна ў 15:00 на тэатралізаваную гульню-віктарыну збіраецца юная, цікаўная, таленавітая, улюбёная ў беларускую мову моладзь — вучні СШ № 32 i СШ № 34 г.Гродна, студэнты педагагічнага факультэта ГрДзУ ім.Янкі Купалы.

Гульцам будуць прапанаваны крэатыўныя i творчыя заданні: «Прыгадваем», «Тлумачым», «Перакладаем», «Ужываем», «Цытуем».

Падчас гульні ў ролі знакамітых беларускіх пісьменнікаў выступяць вучні старэйшых класаў сярэдняй школы №32.


У дзяржаўнай ўстанове адукацыі “Сярэдняя школа № 16 г.Ліды” 21 лютага 2019 года адбудзецца падарожжа “З беларускай мовай нам жыць у XXI стагоддзі”.

Дзяцей і моладзь чакаюць наступныя мерапрыемства:

“Пішы са мной па-беларуску” (дыктант, прысвечаны святкаванню 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў).

Выставы-экспазіцыі:

“Добры дзень, беларуская кніга!”

“Песня роднай зямлі” (фотавыстава)

1 станцыя “Сёння ў нашай хаце свята…” (прывітанне гасцей)

2  станцыя “Разам кінемся ў скокі” (флэш-моб);

3 станцыя “Працавітая Марылька запрашае гаспадынькаў” (майстар-клас па беларускіх матывах);

4 станцыя запрашаем у карчму “Да бабулі Ганны”;

5 станцыя “Залацінкі роднай мовы” (віктарына);

6 станцыя “У зачараваным царстве беларускай казкі”

7 станцыя “Беларускія вячоркі” (песні, загадкі, прамаўкі);

8 станцыя “Вяселля ды смеху – па цэламу меху!” (беларускія гульні);

9 станцыя “Беларускі кірмаш” (дэкаратыўна-прыкладная творчасць вучняў);

10 станцыя “Да вытокаў духоўнай культуры” (тэатр-студыя батлейка “Вера.Надзея.Любоў”);

11 станцыя “Я чытаю малым па-беларуску” (мерапрыемтва для выхаванцаў дашкольных устаноў);

12 станцыя “Хата з матчынай душой” (экскурс у этнаграфічны музей установы).

Прыблізная колькасць удзельнікаў – каля 700 чалавек.


Вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №3 г.Масты” запрашаюць на свята “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску!”. З раніцы ў школе будуць гучаць песні на беларускай мове, пасля усіх жадаючых чакае акцыя “Пішам дыктант разам”, наведванне школьнага музея (куток “Мой любы горад!”), пачастунак стравамі нацыянальнай кухні.

Свята паспрыяе пашырэнню сферы выкарыстання і папулярызацыі беларускай мовы, выхаванню павагі да яе.

Прыблізная колькасць удзельнікаў – каля 200  чалавек.


Вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” прапануюць стаць удзельнікамі тэлеперадач “Размаўляем па-беларуску”, “Беларуская кухня”, “Шукаем шэдэўры”, “Беларускі хіт-парад”,  “Хата на хату”. Удзельнікі вандроўкі не толькі пазнаёмяцца з беларускамоўнымі тэлеперадачамі, але і правераць веданне беларускай мовы, нацыянальнай культуры. Сумесная вандроўка  прынясе задавальненне ад гучання мілагучнага, роднага, звонкага слова нашай Радзімы.

У завяршэнні мерапрыемства прапануем наведаць народны музей баявой славы, дзе будзе праведзена экскурсія на беларускай мове “Тут родныя трымаюць карані”.

Прыблізная колькасць удзельнікаў – каля 90  чалавек


Вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Гудзевіцкая сярэдняя школа” запрашаюць на праграму дня “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”. Удзельнікаў чакае сустрэча з пісьменнікам Прынёмання Іваноўскім Мікалаем Пятровічам, “алімпійскія гульні” “Ведай роднае слова”.  Будзе прапанавана конкурсная праграма як для вучняў , так і для прысутных. Спадзяемся, што ўсе адчуюць невычэрпнасць роднай мовы, яе шматграннасць  і ўнікальнасць.

Пасля конкурснай праграмы вучні і настаўнікі наведаюць Гудзевіцкі  літаратурна-краяўнаўчы музей, каб дакрануцца да вытокаў беларускай гісторыка-культурнай спадчыны.

Прыблізная колькасць удзельнікаў – каля 60  чалавек.