Каб мова родная гучала

17-18 кастрычніка на Дзятлаўшчыне праходзіць рэспубліканскі семінар-практыкум па тэме “Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на беларускай мове: панарама вопыту”.

Удзел у ім прымаюць метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю, кіраўнікі ўстановаў дашкольнай адукацыі.

Першы дзень семінара пачаўся са знаёмства з вопытам работы педагогаў Гезгалаўскага ясляў-сада. Тут гасцей павіталі выхаванцы ўстановы. Намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Кухарэвіч і начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус расказалі пра Дзятлаўшчыну, галоўныя дасягненні, развіццё сістэмы адукацыі раёна.

Што неабходна, каб загучала родная мова? Як выявіць эфектыўны педагагічны вопыт, распаўсюдзіць яго і арганізаваць моўнае асяроддзе для стасункаў на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання? Паразважаць над гэтымі пытаннямі і падзяліцца вопытам работы ў гэтым кірунку ўдзельнікаў семінара заклікалі метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Дзівакова і метадыст першай кваліфікацыйнай катэгорыі ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ала Сільмановіч.

Удзельнікі семінара-практыкума расказалі, што арганізацыі моўнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі спрыяе павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў, асваенне сучасных арганізацыйна-метадычных асноў эфектыўнага выкарыстання беларускай мовы, пашырэнне спектра адукацыйных паслуг на беларускай мове, арганізацыя палімоўнай прасторы. У рамках знаёмства з блогам “Беларуская хатка” і інтэрнэт-супольніцтвам “Аб малой радзіме” пагутарылі аб выкарыстанні магчымасцей анлайн-зносінаў ва ўмовах двухмоўя для арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук расказала калегам з іншых рэгіёнаў аб арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі Дзятлаўскага раёна.

Праграму сустрэчы прадоўжыў піяр-квэст “Перакрыжаванне ідэй”. На праспекце “Прафесійны” выхавальнік Гезгалаўскага ясляў-сада Наталля Кульбей запрасіла прысутных на гульню-віктарыну ў рознаўроставай групе па тэме “Мая любая старонка” (адукацыйныя вобласці “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода”). Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Таццяна Мармыш з выкарыстаннем актыўных форм работы з удельнікамі семінара-практыкума расказала, як арганізоўваецца эфектыўнае ўзаемадзеянне з бацькамі па стварэнні неабходнага камунікатыўнага асяроддзя выхаванцаў ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя ў сельскай установе дашкольнай адукацыі.

Праспект “Ініцыятыўны” запрасіў прысутных на прэзентацыю выставы гульнявых і дыдактычных дапаможнікаў па навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове. З вопытам работы педагагічных работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі Дзятлаўскага раёна ўдзельнікаў семінара пазнаёміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Гезгалаўскага ясляў-сада Алена Лукіянец.

Наступнай пляцоўкай семінара стаў санаторый “Радон”, дзе гасцей чакала цікавая экскурсія “Аб родным краі скажу сваё слова“.

Рэдакцыя газеты «Перамога»