Каб мова родная гучала. Дзень другі

18 кастрычніка, у пятніцу, на Дзятлаўшчыне прадоўжыў работу рэспубліканскі семінар-практыкум па тэме “Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на беларускай мове: панарама вопыту”.

На гэты раз пляцоўкай для сустрэчы спецыялістаў і пераймання вопыту стаў яслі-сад № 1 горада Дзятлава. На праспекце Творчым, станцыі “Прывітальнай” госці пазнаёміліся з педагогамі і выхаванцамі ўстановы.

Загадчыца ясляў-сада № 1 горада Дзятлава Алена Лазоўская расказала, што гэта – рускамоўная ўстанова дашкольнай адукацыі, але ўдасканаленню стасункаў на беларускай мове тут спрыяюць штоквартальныя тыдні роднай мовы. Як гэта адбываецца, удзельнікі семінара даведаліся, пазнаёміўшыся з формамі і метадамі работы педагогаў сада з выхаванцамі. Напрыклад, на Тэатральным бульвары выхавальніца Галіна Лішык расказала гасцям, што далучыцца да роднай мовы можна праз тэатр, а выхаванцы прадэманстравалі тэатральную пастаноўку па матывах беларускіх народных казак “У пошуках браціка Гарошка”. Кіраўнік фізічнага выхавання Ілона Сіняк запрасіла прысутных на Спартыўна-моўны бульвар “Пераемнасць”, дзе паказала, як у працэсе фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў дзеці вучацца роднай мове з дапамогай беларускіх гульняў, вершаў, казак.

Наступным прыпынкам для ўдзельнікаў семінара-практыкума стаў Дварэцкі яслі-сад. Загадчыца ўстановы Кацярына Кавальчук расказала, як рэгіянальны кампанент выкарыстоўваецца мясцовымі педагогамі для фарміравання патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту.

Затым гасцей запрасілі на выставу-дэгустацыю прадукцыі ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” і выставу-прэзентацыю прадукцыі ААТ “Дварэцкі льнозавод”.

У час адкрытага мікрафона спецыялісты змаглі падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і пачутага за час семінара, задаць пытанні спецыялістам, падзяліцца ўласным вопытам работы па тэме. На адрас педагогаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны прагучала шмат добрых словаў. Вопыт нашых землякоў спадабаўся гасцям, і яны выказалі спадзяванні на далейшае плённае супрацоўніцтва.

Рэдакцыя газеты «Перамога»