Гісторыка-краязнаўчаму музею Кальчунскай школы прысвоена званне “народны”

Імя Енджэя Снядэцкага – сусветна вядомага вучонага эпохі Асветніцтва, акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук, выкладчыка Віленскага ўніверсітэта, заснавальніка Віленскага медыцынскага грамадства стала вядома шырокаму колу зацікаўленых гісторыяй людзей на Ашмяншчыне менавіта праз дзейнасць музея, задумку адкрыць які ў 2004 годзе здзейсніла намеснік дырэктара Кальчунскай школы Ашмянскага раёна Таццяна Давідовіч.

На працягу 14 год у музеі сабрана каля паўтары тысячы экспанатаў. Асноўны фонд складае больш за 600 адзінак захавання. Каштоўнымі з’яўляюцца кнігі Енджэя Снядэцкага “Асновы хіміі” і “Аб фізічным выхаванні дзяцей”, самаробны цвік, якім мацаваўся аклад абраза Маці Божай у капліцы ў Гародніках, дзюбель з алавяным прыпоем, што выкарыстоўваўся для злучэння элементаў надмагільнага помніка Снядэцкаму і іншыя экспанаты.

З 2014 года музей распачаў акцыю “Еднасць” па збору зямлі з мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю чалавека, які свой талент праявіў у розных навуках і галінах: хіміі, біялогіі, медыцыне, біяхіміі, педагогіцы, літаратуры, публіцыстыцы. У школьным музеі захоўваецца зараз 14 скарбонак з зямлёй, прывезенай у Кальчуны гасцямі, а таксама сабранай вучнямі. Адзін з такіх экземпляраў быў узяты ў Ашмянах, у новым мікрараёне, адна з вуліц якога носіць імя нашага слыннага земляка.

Сёння музей у Кальчунах – гэта два пакоі, аб’яднаныя трыма раздзеламі: “Наш зямляк Енджэй Снядэцкі”, “Куток этнаграфіі” і “Гісторыя школы”. Плануе і каардынуе дзейнасць музея савет, у які ўваходзяць настаўнікі і вучні школы, а таксама прадстаўнікі грамадскасці.

газета «Ашмянскі веснік»