Дзень піянерыі

Раённае свята пад такой назвай прайшло 19 мая 2018 года ў дзень нараджэння піянерыі. Удзел у ім прынялі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Белаус, галоўны спецыяліст аддзела Алена Гарановіч, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, лідары піянерскіх дружын установаў адукацыі раёна, ветэраны піянерскага руху Яўгенія Савань і Раіса Ганчарэвіч.

Піянерскі злёт адкрылі ўдзельнікі гарадскога піянерскага штаба Анастасія і Ганна Талкун, Ганна Лакіза, Данііл Шумскі, Аляксей Санюкевіч. Піянераў Дзятлаўшчыны са святам павіншавала Наталля Белаус, пажадала ім далейшых поспехаў у добрых справах, новых творчых ідэй і перамогаў.

У сваю чаргу навучэнцы расказалі, што цяпер раённая піянерская арганізацыя налічвае 1829 актыўных, крэатыўных, ініцыятыўных удзельнікаў. З поспехамі піянераў-лідэраў раёна і дзейнасцю раённага савета ГА “БРПА” ў 2017-2018  навучальным годзе прысутных пазнаёміў відаролік. Пасля чаго ветэран піянерскага руху Яўгенія Савань узгадала, якой раней была піянерыя. Яўгенія Рыгораўна пажадала падрастаючаму пакаленню і надалей захоўваць лепшыя традыцыі руху і быць заўжды гатовымі да добрых справаў на карысць Радзімы, дабра, справядлівасці. З паказальным нумарам перад удзельнікамі свята выступіў атрад барабаншчыкаў гімназіі №1 горада Дзятлава.

Затым увазе прысутных прадставілі відэа-дайджэст раённага конкурсу “Лідэр года-2018” і запрасілі на сцэну для ўзнагароджання пераможцаў гэтага конкурсу. Таксама ва ўрачыстай абстаноўцы свае ўзнагароды атрымалі прызёры і пераможцы раённага этапу рэспубліканскага конкурсу ГА “БРПА”“Зірні на нас па-новаму” і онлайн гульні “3D: сустрэча трох пакаленняў”.

Хвалюючым і прыемным момантам сустрэчы стаў урачысы прыём у піянеры лепшых навучэнцаў раёна. Сцяг Дзятлаўскай раённай піянерскай арганізацыі унесла знамённая група Дварэцкай сярэдняй школы. Права зачытаць клятву піянера было прадастаўлена педагогу-арганізатару сярэдняй школы №3 горада Дзятлава Алесі Жых. Піянерскія гальштукі навучэнцам павязалі ветэраны піянерскага і камсамольскага руху, педагогі-арганізатары школ раёна. Віншавальныя музычныя нумары “навабранцам” падарылі ўдзельнікі гуртка “ Эстрадны вакал” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Анастасія Янкевіч і Ганна Якаўчык.

Піянераў раёна і ветэранаў піянерскага руху з днём нараджэння піянерыі яшчэ раз павіншавалі вядучыя свята Ірына Мішчанка і Яўген Афанасенкаў і запрасілі прыняць удзел у танцавальным флэшмобе “Піянерыя – краіна сяброўства і дабра”, а напрыканцы – сфатаграфавацца на памяць.