Дабрачынная акцыя “Сад надзеі – 2017”

Ужо стала добрай традыцыяй у гонар розных значных падзей
садзіць дрэвы. Дрэва — гэта вартаўнік памяці. А памяць і ёсць тая
духоўнасць, якая не дае памерці, загінуць усяму добраму.
19 кастрычніка 2017 года навучэнцы дзяржаўнай установы
адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Залескі яслі-сад- сярэдняя
школа” прынялі эстафету рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Сад
надзеі – 2017”, якая праводзіцца па ініцыятыве Першага канала
Беларускага радыё, з удзелам рэспубліканскай асацыяцыі
“Белсадпітомнік”, Міністэрства сельскай гаспадаркі, інстытута
пладаводства НАН Беларусі, аддзялення “Сяльчанка” Беларускага саюза
жанчын.


Удзельнічалі ў пасадцы саду старшыня рэспубліканскага
аддзялення “Сяльчанка” беларускага саюза жанчын Рэгіна Давідовіч,
намеснік старшыні Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта
Г.П.Бычко, начальнік аддзела па вытворчасці і продажу пладовай
прадукцыі Міністэрства сельскай гаспадаркі Тацццяна Карбановіч,
намеснік рэспубліканскага клуба “Паўночны вінаград”, навуковы
супрацоўнік Інстытута пладаводства НАН Беларусі Уладзімір Усцінаў,
кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Вятлоў” Г.І.Вятлоў, начальнік аддзела
адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага раённага выканаўчага
камітэта І.П.Шчасны, карэспандэнт Першага канала Беларускага радыё
Святлана Башылава.


Госці прывезлі з сабой пасадачны матэрыял — саджанцы яблынь,
парэчак і вінаграду. Навуковы супрацоўнік Інстытута пладаводства
Уладзімір Усцінаў правёў для навучэнцаў майстар-клас па пасадцы
вінаграду і пладовых дрэў.
Для ўсіх прысутных акцыя стала карысным практычным урокам,
падчас якога кожнаму выпала магчымасць пасадзіць дрэўца. А кожнае
пасаджанае дрэўца — гэта сімвал Радзімы, яе мінулага і будучага. Сад,
закладзены ўчора, як сімвал жыцця, будзе радаваць усіх сваёй квеценню
вясной, пладамі — восенню. Дык няхай жа вечнымі на Зямлі будуць
нашы продкі, сучаснікі, нашчадкі! І няхай ніколі не абрываецца жывая
сувязь пакаленняў!