31 кастрычніка ў Наваельнянскай сярэдняй школе праходзіў абласны семінар “Мадэль арганізацыі дзейнасці ўстановаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў шосты школьны дзень”, або “Фэст – 6 элемент”, як яго крэатыўна назвалі педагогі

Удзел у мерапрыемстве прымалі намеснікі дырэктараў установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, метадысты, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, педагогі-арганізатары, педагогі-распрацоўшчыкі праектаў шостага школьнага дня. Першымі на наваельнянскай зямлі гасцей павіталі самыя актыўныя, самыя цікаўныя і творчыя яе жыхары – дзеці. Навучэнцы школы падрыхтавалі невялікую вершаваную прэзентацыю пра сваю ўстанову. Цікава, з гумарам расказалі пра свае будні, асобна спыніліся на дзейнасці ў шосты школьны дзень. Мажорны настрой фэсту задало выступленне ўзорнага духавога аркестра “Наваельнянскія трубачы”.Дзе на Дзятлаўшчыне жывуць інавацыі, удзельнікі семінара даведаліся ў час прэзентацыі праектаў шостага школьнага дня, якія сталі пераможцамі конкурсаў у вобласці і рэспубліцы. Сярод іх “Хобі-цэнтр “Вектар” (аўтар Т. Ваніслаўчык), “Загадкі Дзятлаўскай зямлі (М. Шавель), ”WEB-квэст “У суботні вечар” (А. Радомская, С. Кетка), “А сонца свеціць усім аднолькава” (Т. Мармыш, К. Латушка). На крэатыўнай платформе “Патэнцыял поспеху” ўдзельнікаў семінара чакала прэзентацыя дзейнасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, міні-майстар класы “Майстэрня поспеху”. Таксама яны наведалі выставу-продаж прадукцыі бізнэс-кампаній навучэнцаў Круцілавіцкага, Хвінявіцкага садоў-школ і Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Яшчэ адна крэатыўная пляцоўка “Маёй зямлі невядомыя таямніцы” расказала аб ролі школьных музеяў у сацыякультурнай прасторы рэгіёна. Вопытам работы дзяліліся Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзіі, кіраўнікі музеяў і юныя экскурсаводы гімназіі №1, школы №1 горада Дзятлава, Таркачоўскага, Раготнаўскага, Лявонавіцкага, Круцілавіцкага садоў-школ, Дварэцкай сярэдняй школы. Цікавай была інтэрактыўная экскурсія з элементамі тэатралізацыі ў народны гісторыка-краязнаўчы музей “Дзеці ліхалецця”, якую правялі Тамара Крывеня і юныя экскурсаводы.